САЛІДА́РНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,

разнавіднасць грамадзянскай адказнасці па абавязацельстве, у якім некалькі даўжнікоў. Звычайна ўзнікае пры непадзельнасці прадмета абавязацельства, сумесным прычыненні шкоды, а таксама ў выпадках, калі ў дагаворы не ўстаноўлена іншае. У цывільным праве Рэспублікі Беларусь у выпадку С.а. крэдытор мае права патрабаваць выканання ад усіх даўжнікоў сумесна і ад любога паасобна (поўнасцю ці ў частцы доўгу). Калі адзін з даўжнікоў задаволіў патрабаванне крэдытора поўнасцю, то астатнія нясуць перад ім адказнасць у роўных долях. Крэдытор, які не атрымаў поўнага задавальнення ад аднаго з салідарных даўжнікоў, мае права патрабаваць неатрыманае ад астатніх даўжнікоў. Салідарныя даўжнікі застаюцца абавязанымі да таго часу, пакуль абавязацельства не будзе выканана поўнасцю.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)